РЭГУЛЯ́ТАРЫ РО́СТУ РАСЛІ́Н,
прыродныя і сінт. арганічныя рэчывы, здольныя стымуляваць або прыгнятаць рост і развіццё раслін. Выкарыстоўваюць у сельскай гаспадарцы для паскарэння або запавольвання росту, цвіцення, кушчэння, выспявання садавіны і гародніны, для паляпшэння якасці пладоў, рэгулявання перыяду спакою, павышэння ўстойлівасці раслін да замаразкаў, засухі і інш.
Прыродныя Р.р.р. — фітагармоны ў невял. колькасці ўтвараюць самі расліны. Да іх адносяцца аўксіны, гіберэліны, цытакініны, брасінастэроіды — стымулятары росту, абсцызавая кіслата, эндагенны этылен — інгібітары росту, а таксама т.зв. другасныя роставыя рэчывы: флаваноіды, алкалоіды, тэрпеноіды. Многія фітагармоны атрымліваюць у прамысл, маштабах метадам біятэхналогіі. Сінт. Р.р.р. класіфікуюць паводле іх суадносін з фітагармонамі: аналагі аўксінаў і цытакінінаў, антыаўксіны і антаганісты цытакінінаў, інгібітары біясінтэзу гіберэлінаў (гл. Рэтарданты) і інш. Найб. пашыраныя сінт. рэгулятары — арыл- і арылаксіаліфатычныя к-ты, оніевыя солі (гл. Оніевыя злучэнні), гетэрацыклічныя злучэнні (пераважна вытворныя індолу, пірыдзіну, піразолу, пірымідзіну). У залежнасці ад канцэнтрацыі, тэрмінаў апрацоўкі с.-г. культур многія Р.р.р. могуць дзейнічаць як гербіцыды, дэфаліянты, дэсіканты.
Літ.:
Калинин Ф.Л. Биологически активные вещества в растениеводстве. Киев, 1984;
Кефели В.И., Прусакова Л.Д. Химические регуляторы растений. М., 1985.
Я.Г.Міляшкевіч.
т. 13, с. 550
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)